ВАЎКАВЫ́СКАЕ КНЯ́СТВА,
удзельнае княства ў 13 ст. ў бас. р. Рось (левы прыток Нёмана). Цэнтр — г. Ваўкавыск. Паводле пісьмовых крыніц, вядомы адзіны князь Глеб. Іпацьеўскі летапіс пад 1256 паведамляе, што ў паходах галіцка-валынскіх і мазавецкіх князёў на яцвягаў удзельнічалі князі новагародскі Раман, свіслацкі Ізяслаў і ваўкавыскі Глеб як васальна залежны ад галіцка-валынскага князя. У час паходу татарскага ваяводы Бурундая на Літву ў 1258 галіцкі кн. Даніла Раманавіч захапіў Ваўкавыск, узяў у палон кн. Глеба. У 1260—80-я г. княства падуладнае князям ВКЛ Войшалку, Шварну, Трайдзеню. У 1289 князі ВКЛ Будзікід і Будзівід перадалі Ваўкавыскае княства валынскаму кн. Мсціславу Данілавічу, «абы с ними мир держал». Верагодна, Ваўкавыскае княства існавала працяглы час у складзе ВКЛ у канцы 13 — пач. 14 ст.
Я.Г.Звяруга.
т. 4, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)